Хачу напісаць зварот!
Галоўная

Ўсё што трэба ведаць пра звароты.

1. Назва і адрас месца, куды падаецца зварот.
2. Імя, імя па бацьку, прозвішча і адрас таго, хто падае зварот
3. Лаканічны тэкст і максімальна зразумелая прапанова ці пытанне
4. Подпіс
Мы раім дасылаць электронныя звароты — гэта эканоміць не толькі ваш час і грошы, але і агульнабеларускі лес. Каб даслаць электронны зварот, вам спатрэбіцца толькі час на напісанне звароту і на запаўненне адпаведнай формы на сайце дзяржустановы. Як паказвае статыстыка, часцей за ўсё звароты дасылаюць у выканкамы.

Часам зварот можа «згубіцца» — асабліва калі вам не хочуць даваць на яго адказ.
Калі ёсць падставы меркаваць, што гэта адбудзецца, вам спатрэбяцца:
- чысты аркуш паперы і кампутар з прынтарам (альбо асадка)
- час на складанне звароту
- час на паход у бліжэйшае аддзяленне Белпошты і адпраўку замоўнага ліста (ці замоўнага ліста са зваротным паведамленнем), выдаткі на адпраўку ў межах 1-2 руб.

Варыянты дастаўкі зварота адрасату:

1. Дашліце зварот замоўным лістом — на пошце вам выдадуць квіток з нумарам замоўнага ліста. На сайце Белпошты можна адсачыць па гэтым нумары, калі атрыманы ваш зварот. Захавайце гэты квіток як доказ у выпадку спрэчнай сітуацыі.
2. Даслаць зварот замоўным лістом са зваротным паведамленнем. У гэтым варыянце вам на паштовую скрыню прыйдзе паведамленне аб тым, што ваш зварот атрыманы. Захавайце яго, пакуль не атрымаеце адказ. Або можна абраць СМС-паведамленне.
3. Прыйсці ва ўстанову, у якую звяртаецеся, і зарэгістраваць там ваш зварот у журнале ўваходных дакументаў, абавязкова атрымаць нумар, пад якім зарэгістраваны ваш зварот у гэтай установе.
Адказ павінен быць праз 15 дзён з моманту атрымання вашага звароту.

Калі гэта замоўны ліст, можна адсачыць на сайце Белпошты. Калі замоўны з адваротным паведамленнем, то прыйдзе смс ці папяровае паведамленне, калі ваш ліст будзе дастаўлены. Таксама адказ можа быць праз 30 дзён у выпадку, калі вашае пытанне (патрабаванне, прапанова) патрабуе больш за 15 дзён для яго абмеркавання і вырашэння. Мы раім сыходзіць з таго, што адказ прыйдзецца чакаць 30 дзён, бо любое пытанне можа падацца складаным.
Акрамя індывідуальных, можна падаваць калектыўныя звароты. Калектыўны зварот павінен утрымліваць імя, імя па бацьку, прозвішча, адрас і подпіс кожнага заяўніка. Пры гэтым, калі ў звароце пазначана, каму з заяўнікаў накіраваць адказ, яму і дашлюць, а калі не — тады дашлюць першай асобе са спісу заяўнікаў, якая пазначыла свой адрас. Калектыўны зварот, які змяшчае 30 і больш подпісаў, абавязвае разглядаць ваш зварот з выездам на месца адмыслова створанай камісіі, калі гэта неабходна. Напрыклад, калі на беларускамоўных надпісах ёсць памылкі.

У большасці выпадкаў эфектыўней напісаць 100 індывідуальных зваротаў, чым падаць адзін калектыўны, на якім 100 подпісаў. У гэтым выпадку кожны заяўнік атрымае адказ, а ўстанова, якая адказвае за вырашэнне пытання, дакладна зразумее, што пытанне трэба вырашаць.
Дашліце заяву аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за адсутнасць адказу на пісьмовы зварот, ці за зварот, дадзены не ў тэрмін. Выкарыстайце прыклад ніжэй і змяніце адпаведна вашай сітуацыі. Заява дасылаецца толькі папяровым зваротам!

Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
246050, г. Гомель, пр-т Леніна, 2
Ігар Уладзіміравіч Случак
ВАШ АДРАС

13.05.2016 года мною быў накіраваны замоўным лістом RR487043087BY зварот у Кармянскі раённы выканаўчы камітэт з запытам інфармацыі аб тым, колькі зваротаў у дадзеныя выканкамы паступілі па-руску і па-беларуску ў 2014 годзе. У парушэнне закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» адказ на зварот я да гэтага часу не атрымаў. На падставе сказанага, прашу паспрыяць у атрыманні мной пазначанай інфармацыі і прыцягнуць асоб, адказных за вядзенне справаводства па зваротах грамадзян да вызначанай адказнасці


ПОДПІС
Дашліце заяву аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за рускамоўны адказ на беларускамоўны зварот. Слаць трэба ў выканкам па месцы рэгістрацыі той установы, адкуль вам прыйшоў рускамоўны адказ. Выкарыстайце прыклад ніжэй і змяніце адпаведна вашай сітуацыі. Калі па-руску адказвае сам выканкам, а не нейкая камерцыйная ці дзяржаўная арганізацыя, звяртайцеся ў вышэйстаячы выканкам — напрыклад, у абласны, калі адказаў па-руску раённы. Заява дасылаецца толькі папяровым зваротам!

Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
246050, г. Гомель, пр-т Леніна, 2
Ігар Уладзіміравіч Случак
ВАШ АДРАС

У адпаведнасці з артыкулам 18 закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» адказ на пісьмовы зварот даецца на мове звароту, чым забяспечваецца права заяўніка на карыстанне дзяржаўнай мовай.

Разам з тым, на мой беларускамоўны зварот у Смалявіцкі раённы выканаўчы камітэт быў дасланы рускамоўны адказ № 02-29/Н-3 эл ад 28.01.2020, што стварае мне перашкоды ў карыстанні беларускай мовай. У адпаведнасці з артыкулам 9.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прашу прыцягнуць адказных за стварэнне адказу асоб да адміністрацыйнай адказнасці.


ПОДПІС
Дашліце заяву аб прыцягненні да адказнасці за рэквізіты бланка толькі па-руску. Выкарыстайце прыклад ніжэй і змяніце адпаведна вашай сітуацыі. Заява дасылаецца толькі папяровым зваротам!

Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
246050, г. Гомель, пр-т Леніна, 2
Ігар Уладзіміравіч Случак
ВАШ АДРАС

Пастанова Міністэрства юстыцыі No 4 ад 19 студзеня 2009 г. «Аб зацвярджэнні інструкцыі па справаводстве ў дзяржаўных органах і арганізацыях Рэспублікі Беларусь» (далей — Інструкцыя па справаводстве) з’яўляецца асноўным дакументам, што рэгулюе афіцыйнае справаводства. Пункт 30 Інструкцыі па справаводстве абавязвае вырабляць бланкі з рэквізітамі на абедзвюх дзяржаўных мовах. Гэта правіла распаўсюджваецца на арганізацыі і ўстановы любой формы ўласнасці.

Разам з тым рэквізіты бланка Сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Юнайтэд Компані» выкананы толькі па-руску. На падставе выкладзенага, прашу прыцягнуць СТАА «Юнайтэд Компані» да адказнасці і прывесці бланк у адпаведнасці з заканадаўствам.


ПОДПІС
Дашліце ў тую ўстанову, адкуль вам прыйшоў адказ з памылкамі, прапанову аб выпраўленні граматычных памылак у надпісах па-беларуску. Гэта матывуе ўстанову ў наступны раз пісаць адразу правільна. Тэкст, напрыклад, такі:

Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
246050, г. Гомель, пр-т Леніна, 2
Ігар Уладзіміравіч Случак
ВАШ АДРАС

Прашу даслаць адказ ад (ДАТА, ЯК ПАЗНАЧАНА Ў АДКАЗЕ) № (НУМАР АДКАЗУ) без граматычных памылак, якія маюцца ў дадзеным адказе ў вялікай колькасці. Таксама прашу паведаміць, ці прыцягнутая адказная асоба да адказнасці, за памылкі ў адказе


ПОДПІС
Дашліце заяву аб прыцягненні да адказнасці ў выканкам па месцы рэгістрацыі той установы, адкуль вам прыйшоў адказ не па сутнасці звароту. Калі ж не па сутнасці звароту адказаў сам выканкам, тады можна звяртацца ў вышэйстаячы выканкам — напрыклад, у абласны, калі адказаў не па сутнасці раённы. Таксама пратакол па арт. 9.13 КаАП могуць складаць пракуратура з Камітэтам дзяржкантролю (КДК), таму можна звяртацца з заявай і туды. Заява дасылаецца толькі папяровым зваротам!

ХХХХ раённы (АБО: гарадскі) выканаўчы камітэт
(АБО: Адміністрацыя ХХХХХХХ раёна г. ХХХХХХ)
Адрас установы, куды падаецца зварот
Імя, імя па бацьку, прозвішча таго, хто падае заяву
Адрас таго, хто падае заяву

ЗАЯВА АБ ПРЫЦЯГНЕННІ ДА АДМІНІСТРАЦЫЙНАЙ АДКАЗНАСЦІ ЗА АДСУТНАСЦЬ АДКАЗУ ПА СУТНАСЦІ ЗВАРОТУ

ХХ.ХХ.20ХХ года мною быў накіраваны замоўным лістом НАПІСАЦЬ НУМАР ЗАМОЎНАГА ЛІСТА (калі зварот пададзены замоўным лістом) зварот у НАПІСАЦЬ КУДЫ І ПЕРАДАЦЬ СУТНАСЦЬ ПЕРШАПАЧАТКОВАГА ЗВАРОТУ. У парушэнне закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” І і арт. 9.22 КаАП адказ на зварот быў дадзены не па сутнасці звароту (КОРАТКА АПІСАЦЬ, ЧАМУ ВЫ ТАК ЛІЧЫЦЕ). На падставе сказанага, прашу паспрыяць у атрыманні мной адказаў на пастаўленыя ў звароце пытанні і прыцягнуць асоб, адказных за вядзенне справаводства па зваротах грамадзян да адказнасці ў адпаведнасці з арт. 9.13 КаАП.


ПОДПІС

Прыклады зваротаў

Вытворцы
Дамовы
Заявы па 10.16 КаАП
Кавярні
Квіткі
Прыпынкі
Сайты
Шыльды
Іншае